Нядоля Заблоцкіх - Страница 17


К оглавлению

17

Праз гэты сон баркаўчане і прачнуўшыся, сонныя, хмурныя, нерухавыя ходзяць. Шчасце й доля іх — усё ў сне затанула. Хіба як высплюцца ў запас, як на шмат год наперад сабе сну прызапасяць… Хіба тады накшае будзе што.

Усмак і ў ахвоту спіцца на печы. Шырокая, прасторная ў багатыроў Заблоцкіх гэта рэч. Атабарыліся яны на ёй усёю сям’ёю Вялікаднем на першы дзень.

— Печка — наша матачка! — казала Прузына, кладучыся з краёчку, каля прымурку.

Закаціўся Юстап пад шасток з цыбуляю.

— А мне там месца пакінулі? — жартаваў Пархім, услед за бацькам лезучы на печ. Сабраў ён анучы, што натрус ляжалі ў кутку, падаслаў, каб у бок горача не было, ды лёг пасярэдзіне на самай гарэні. І такога яны ўтраіх храпунца далі, што ходарам захадзіла Заблоцкіх багатырская хата.

Аднаго Савосту сон не браў. Сеў ён на лаве ў акне ды ўсё на камлістыя кляны перад хатаю, на пустую вуліцу, на стары гучысты вішэннік за Вінцэнтавым токам пазіраў. Але паў-такі туман і на яго вочы. Парабіліся яны ў яго вялікія, савіныя. Было таго дня і надвор’е на Савосту Заблоччыка падобнае: хмурае, ціхае. І заманулася Заблоцкіх вучню нуду разагнаць — пачытаць што. Зірнуў на траму. Адтуль дармовыя дадаткі «Нивы» сваімі жоўтымі, сінімі, зеленкаватымі рубцамі вокладак свецяць. Толькі памкнуўся ён, каб узяць каторы зверху, як зірнула Прузына на хату, пераварачваючыся на другі бок, убачыла кніжку ў Савосты ў руках.

— Палажы назад: сягоння няможна. Вазьмі, калі так рупіць, святое што пачытай.

Паслухаў маткі Савоста — палажыў назад дармовы дадатак. Але святога не ўзяў чытаць: не хацелася. Так Савоста ў журбе і праседзеў да вечара той дзень, а тыя на печы яго праспалі. Далей надышоў вечар ды не абы-які, а той, што з нядзелі ды на панядзелак бывае. Зацягнулася з вячэраю ў Заблоцкіх. Чакаў яе Пархім, большы Савостаў брат, дый не дачакаўся.

— Уліце, — кажа, — мамка, мне чаго паесці.

Пасёрбаў ён крыху локшыны ды пайшоў на вёску, дзе ўжо збіраўся, рахаваўся баркаўчанскі маладзеж. Пакінуў дома меншага брата Савосту. Той на сон пагнаўся і пакінуў хлапцоўскую валачобную весялосць. Савоста не пайшоў.

Ды, іграючы і спяваючы, тыя самі прыйшлі да Заблоцкіх пад акно, як гэта ў іх песні пяецца.


— Да ляцела пава да павістая.
Вясна-красна на дварэ.
Пагубляла пер’я залацістыя.
Вясна-красна на дварэ, —

з гэтага пачалі валачобнікі. Дармо, што тая пава ніколі не лятала тут, што толькі ў гэтай песні і чулі пра яе. А можа, й ляцела калі праз Баркаўцы, але за сном бачыць яе не давялося. Ды, такі, пяюць, так смела пяюць — аж цяжка даць веры, што нязнаная птушка пава ў нас. Чуваць у голасе надзея: а ну, можа!.. Можа, калі і на наш гразкі, скапытаваны двор згубіць пава залацістае пяро.

Прачнуўся Савоста. Падняў галаву, на ўзлакоткі ўзапёрся.

Усё сваё, усё вядомае.

Гразь. Разводдзе. Па калені боты захлюпаны. А ходзяць… Ходзяць ды гуртам, дружна па падвоканню вясну-красну хваляць. Не век жа разводдзе і ў гразі ж не векаваць. Будзе:

— Вясна-красна на дварэ.

Таму і песні жвавыя, галасістыя трэба. Трэба, каб звінеў яркі, сіберны прастор. І праўда: таго вечара толькі яна ў бары разлягалася.

— Што нам праўда? Калом яна хай пойдзе! — сказаў тады сам сабе Савоста Заблоцкі. — Песень, казак, прывабнага лганства трэба больш, — зусім ва ўпадніцтва падаўся багатырскі сын.

І пасля гэтай яркай, песеннай ночы, напаў рух на людзей. Назаўтра з самай раніцы перайшоў вёску дзесятнік — загадаў на сход, пад карчму: пастуха гадзіць. Паснедалі ды пайшлі мужчыны на сход, а Савоста сабраў усе дармовыя дадаткі, колькі іх у яго было, — аднёс Зубрыцкаму.

— Паглядзі: можа, больш што возьмеш, — набіваўся Савосту настаўнік.

Пакапаўся Заблоччык у яго кніжках. Адны дармовыя дадаткі там.

— Не, — кажа, — цяпер браць нічога не буду. Можа, потым калі…

Паполудні, сход адбыўшы, сабраліся мужчыны ў Шамрука на гумне. Там на ўзгорку ўжо была крыху стужала зямля. Зрабілі котву. Па чарзе кленчылі яны каля лубка, паводле старога звычаю. І былі некаторыя ў гэтым такой практыкі дайшлі, што не толькі самі яе на сваю карысць скарыстаць умелі, але, і на другіх гледзячы, утрываць не маглі, каб добрай парады не даць, куды дзьмуць трэба.

— У пол!

— У насок!

— У пучку!

Як каму: усяк раілі.

Самы апошні прыйшоў на котву Савоста Заблоччык. Пастаяў ён збоку. Паглядзеў на мужчынскую забаўку. Сам сабе ў левы вус — хоць таго вуса і заваду не было — усміхнуўся. «Хто гуляе — той гуляка, а хто стаіць — той разявака», — часта казала Прузына. Упамяць гэта прыказка Савосту. І от, каб у такое нізкае званне, у разявакі, не трапіць, уважыўся ён на простым звычаі, на гэты раз свайго панства забыўшыся, да гурту далучыцца надумаўся. Пазычыў Савоста яйцо. Самым апошнім укленчыў каля лубка — пусціў яго «ў поле».

Шанцавала Савосту ці не, многа ён выкачаў ці й тое, пазычонае, яйцо пракаціў — не вялікая з гэтага цікавасць. Варта толькі сказаць, што была пры тым на котве Шамручыха, бачыла, як Савоста кленчыў на веснюю, не зусім яшчэ стужалую зямлю. І другі раз, як прыйшла яму чарга, знарок з хаты вынесла Шамручыха чыстую анучу пад калені падаслаць, каб не пакуцаў Савоста сваіх вучнёўскіх адменных штаноў.

— A то ў нас, простых людзей, — казала яна, — усё абы-як.

Шанавалі ў Баркаўцох Савосту Юстапчыка за яго маўклівасць, за адзіноцтва. Быў ён вялікі пан у сваіх людзях, што ўсім адмяніўся ад іх.

X

— Ціха, мужчыны! Паслухаем, што тут за рада, — супыніў крыху чаляднік свайго муляра, што разладэдзіўся быў са школьным вартаўніком, сеўшы на століках пярэдніх школьных лавак. Яны ўдвух — муляр з чаляднікам — правілі ў Хлюпскім «гарадском» старыя даўно куравыя печы.

17