Не толькі на сядзібе, але і на полі накпіў з Вінцэнтага той валасны, загоджаны братам, суддзя. Не ніву, але істужку адаткнуў ён калкамі. Палажыў яе, гэта йстужку, на ўсіх Заблоцкіх нівах з правага, самага неўрадлівага, як меркаваў Юстап, боку. Да таго скупа быў валасны суддзя тую йстужку адрэзаў, што ўсяго чатыры градкі бульбы можна было выштукаваць на ёй, — за раз самую шыршую Вінцэтаву ніву пераступіць і не цяжка было.
Усё сышло людзям з памяці. Адна «Вінцэнтава йстужка» ў прыказках, у параўнаннях асталася. Пакуль быў Вінцэнты ў Баркаўцох, хварбаваў ён сваю істужку вострым плугам на гразкі чорны колер, карабаціў яе на скібы. Любіў Вінцэнты на чорным гразкім полі жоўтыя кропелькі, падобныя на жытнія, ячныя, аўсяныя і ўсякія розныя зерні, густа імі сваю йстужку ўсыпаў. Толькі як пойдуць дажджы на Вінцэнтава краплястае фарбаванне, зялёнае яно зробіцца — аж мяняецца ад сонца. Але і гэта зеляніна не любіла сонца — ліняла ад яго: з зялёнага на жоўты, спелы колер.
Толькі не праз валаснога суддзю, што адрэзаў гэту йстужку Вінцэнтаму, не праз самога Вінцэнтага, што так стараўся — як вясна, як восень — фарбаваць яе, а праз гаваркую Кацярыну, што першая дабрала Вінцэнтавай ніве такое імя, не забыліся пра яе нашы, сквапныя на трапнае слова, людзі.
Асталіся ад таей даўніны ўсяго «йстужка» пра Вінцэнтага, а пра Юстапава багацце цэлае паданне, з імі разам злучыліся дзейкі і пра дзіўнае пахаджэнне гары пасярод Баркаўцоў.
Перш упыну не было на Юстапа з яго скаргамі. Потым, пасля падзелу, пашыкавала крыху і годзе маракаваць, што чорт дабро з свірна выносіць. Годзе ў Воркавай карчме лезці да людзей са сваёю бядою. Ды і ў самую карчму менш стаў учашчаць. А тым і цікнула: чаму такая перамена? Хто час меў ды цікавы быў, давай прыглядацца.
І заўважылі баркаўскія даходныя людзі, што ўсё то сіняваты, то чырвоны агоньчыкі з неба сыплюцца за шчыт у Юстапавым таку. Надта ж іх, гэтых агоньчыкаў шмат увосень, як людзі з поля дабро ў такі пазвозяць. Як мак тады сыплюцца. З усходу стануць нашы цікавыя людзі глядзець — усе ў Юстапаў ток збягаюцца, а зойдуць з захаду, зірнуць — не відаць нічога, толькі дзе-нідзе далёка-далёка час-часом саслізнецца зорка з неба ды пакоціцца ўніз. І сказалі тады баркаўчане:
— Тут нешта небагавое. Няйначай Юстап да нейкага ведзьмака дапяў. Прадаў чорту душу, дык от ён ужо ў нейкага другога з засекаў выбірае, а яму носіць ссыпаць усякае дабро.
Кажуць, і гара на крыжавых дарогах пасярод Баркаўцоў тады стала, як сыпаліся агоньчыкі ў Юстапаў ток. Так што цяпер, адкуль ні зірні на іх, перш-наперш карчму ўбачыш, а потым ужо вішэннік унізу пад ёю, дзе-нідзе стрэхі ў ім. А даўней — не за нашым, а за даўнейшым «даўней», кажуць, у самай западзіне, вечна пасярод гразі стаяла карчма, нідзе ніякай гары і заваду не было. Лёталі тады ўсё агоньчыкі за Юстапаў шчыт: то сіні, то чырвоны. А людзі ўжо дазналіся, што як сіні агоньчык, дык дабро нясе, а як чырвоны, дык грошы. Каму час быў ды не ленаваўся, можна было злічыць, колькі раз з чым прылятаў. Можна было ведаць — чым найболей Юстап апамогся.
Усе на гэта глядзелі: от, ліха яго бяры! Усё адно нам не панясе, а Юстапу. Аднэй Тахвілі (яго швагерцы) шваграва багацце было, як у сэрца нож. Яна не толькі, што калі нясе, ведала, але ведала і як зрабіць, каб чортавым дабром ліхі чалавек не запамогся. Згледзела была раз увечары, проці карчмы стоячы, над самаю галавою ў сябе сіні агоньчык, ды так ён проста туды, дзе Юстапаў ток, і коціцца. Зайздрасць борзда Тахвілю напавуміла, што трэба зрабіць. Зрабіла яна спадніцу так, каб даступней руцэ было, ды па мяккім месцы сама сябе калі лясне разоў тройчы.
— Гола, — кажа, — маё цела. Хай жа гэтак гола ў таго будзе, каму ты нясеш.
Хоць сабе чорт і невялікая шышка, але не любіць, калі ўсякі начне з яго вяршэнства здымаць. І ў чорта злосці не купіць… Калі сыпнуў ён прыскам на зайздросную Тахвілю, дык аж траха Баркаўцы не заняліся гарэць. Добра, што Тахвіля ўправілася роўна стаць і спадніцу з рук у пару пусціла, а то б яе ссек чорт горш, як шротам, а так — усяго крыху рукі прыпёк. Яшчэ тое Тахвілі ў помачы было, што гарэлую спадніцу насіла. Хоць і залавіў чорт крыху, але толькі яно застукала, як па блясе, ды скацілася далоў. Як нёс ён асмін з дванаццаць грэчкі, дык так і сыпнуў пасярод Баркаўцоў. І не абы-якая грэчка была: буйная, ядраная. А чыстая ж! Як вока. Але на ліхое дабро не пагналіся нашы баркаўчане. І на завод ніхто жмэньку не ўкраў. Так і асталася ляжаць пасярод вёскі ў капцы, як і пасыпана была. Да таго ж нейкая праціўная, што коні пудзіліся, як блізка вязлі. Ужо вароны — нашто не пераборлівыя птушкі, а і тыя не хацелі дзяўбці. Будзе ляцець над самым капцом і ў той бок нават не зірне, пераляціць ды на сметніку дзе сядзе, там сабе чаго пашукае. Каровы тады нельга было вуліцаю гнаць: як толькі да карчмы дойдуць, паўстануць наўкола капца і равуць — бі-забі не адгоніш. А ўночы сабакі з усёй вёскі збягуцца, галовы ў гopy пазадзіраюць ды давай галасіць, зямлю драць.
Чыстае згубенне было баркаўчанам, пакуль не ўсхадзіліся вятры. Ну і шалёныя ж былі яны! З хаты выйсці нельга было — чалавека валялі. Дзень пры дні з аўторка да пятніцы дзьмулі. Яшчэ людзям як людзям — от набытак за той час намучыўся. Тры дні ў хляве галодны стаяў — нельга было ні ў поле на пасту выгнаць, ні з току харчы прынесці яму ў хлеў. Замялі тыя вятры чортава насенне пяском — чвырам з дарог, чорнаю тарпавінаю з агародаў. За тыя кручаныя дні так спрытна юцуха перамяшала ўсё, што зрабілася зямля такая, як бы і спрадвеку яна на гэтым месцы ляжала. І ад тых дат стала ў Баркаўдох гара проці карчмы на крыжавых дарогах над усе нашы невялічкія ўзгоркі. Суха з таго часу зрабілася ў самым патрэбным месцы, дзе чужыя падарожныя людзі заўнімаюцца, як ідуць у карчму пагрэцца. Часам пад вечар, як з кірмашу едуць, бывае, вялікі завоз хурманак збіраецца тут. Гэта месца на месца тады робіцца падобна. Таму і далі нашы людзі яму прыкладку— «Траецкаю гарою» завуць, на Менск глядзя. А тая грэчка і цяпер на гэтай гары знаць. Дзіва што нешта муляе ў ногі, як босы тудэю йдзеш?! — гэта ж тое чортава насенне. Бывае, што дажджы зверху пясочак прамыюць, дык яно і відаць. Нагнешся, паглядзіш — здаецца, і няма яго нідзе, a ступі, дык і чуваць, што нешта востранькае, маленькае колецца, як грэчка ўсё роўна.