Нядоля Заблоцкіх - Страница 23


К оглавлению

23

І здумаў. Язукову думку нанава перадумаў ён. Па Клемкавай дарожцы пусціў Заблоцкі свайго сына: не мінуў ён хлюпскае пошты. Там і стрэліся неўспадзеўкі Клемка з Савостам.

— А ты што? На сваім хлебе? — папытаў Філончык.

— На сваім…

— Кажаш, гарадское к чортавай матары?!

Нічога не адказаў, змоўчаў Савоста. А далей-болей, штораз лепей ды нарэшце і зусім добра схаўрусавалі яны.

Кінулі Хлюпск дый з’ехалі ўдваіх недзе ў свет.

Пабываў Савоста на далёкай чужой старане, і абрыдзела там яму ўсё чыста. Па сваім баку, па наскіх людзях ён зажурыўся. Свайго роднага пачаў там шукаць.

І ў тым далёкім павятовым горадзе, дзе ён цяпер апынуўся, разам з сонцам, як некалі ў Баркаўцох, прачнецца Савоста. Выйдзе босы са свае кватэры на мурожны двор. Ціха, яркавата і адзінока тады. Тая самая буйная, краплястая баркаўская раса стаіць на мураве. Ды зараз дзевятая гадзіна, зараз канцылярскі, зліты атрамантам стол.

— От дзе, маці, праўдзівы «курч», — сказаў бы ён цяпер Прузыне Заблоцкай.

Яшчэ адзін надвячорак успамінаў Савоста. Перад Калядамі ў адлігу бывае часам ціха, змрочна на дварэ, як у вымытай перад вялікім святам хаце — прасторнай і пустой здаецца яна: раз ступіш, а тры разы твой стук адгукнецца. У такія надвячоркі ў Баркаўцох скрыпяць вілы ў старой Базылёвай студні, дзе на два грунты ваду бяруць. Алесь Стрэмскі — нізенькі вясёлы чалавек — нясе вязку трушанкі з тока цераз вуліцу. А Савоста памаленьку валачэцца дадому з сяла.

Зажурыліся тыя надвячоркі, адны ў Баркаўцох застаўшыся, ды й яны прыехалі да Савосты ў гэты далёкі павятовы гарадок. Неяк неўспадзеўкі, ідучы са службы, на сваёй вузкай ціхай вуліцы стрэўся з імі Заблоччык. І хоць не чуваць было скрыпу вілаў, не відаць Алеся з вязкаю, але было нешта сваё роднае ў гэтай надвячорнай шарай гадзіне.

Збілі з тропу Савосту росныя раніцы, змрочныя вечары. Туга апанавала яго. Усяму свайму мінуламу ліхі вораг зрабіўся ён. Захацелася Заблоччыку ўсё нанава пачаць. Новым у Баркаўцы з’явіцца чалавекам. Прыгадалася мяккая, падаўкая зямля пад босымі нагамі ў аратага. Нажадаў Савоста расстарацца сабе на цэлы век такое долі.

Заманулася яму, каб як прывініцца: не ціхенька, a з грукам, тэртусам з’явіцца ў Баркаўцы. Так зрабіць, каб да «курчу» ўжо век не было звароту. З самага малку любіў Савоста дзвярыма бразнуць — злосць сваю паказаць. І тугія сабе дзверы, каб далёка чуваць было, дабіраў. Ды яшчэ наперад паглядзіць, каб ганак нізкі быў, возьме крыссе ў рукі, каб не прышчаміць як незнарок, ды не разганяецца лішне, каб носам не зарыць. Ён перш стукне, дасць адвод, што пайшоў, ды стане пад дзвярыма, пастаіць, што пра яго гаварыць будуць, паслухае.

І ў людской памяці, як у паслушнай кнізе, хацелася Савосту свае парадкі навесці: пазногцем тыя мясціны зазначыць, што такія, як яму трэба, а на ўсю рэшту не пашкадаваў бы Заблоччык часу і сеў бы на дзён колькі ды так бы густога атраманту даў, каб ніводнага ўспаміну, ніводнай літары там нельга было разабраць, каб і знаку ад таго, што яму не асталося. Выкасаваў бы Савоста бацькавага парабка, Шамрукову котву, паштовую службу, а пакінуў бы — «летнюю ночку маленьку» ды «вясну-красну».

Яно добра б было, каб так было, як Савосту трэба. Але спрадвеку вядома, што сама лепш так, як яно само ёсць. Што ж бы тады было, каб, як у гарадскім Заблоччык быў, над людскою памяццю меў ён волю? Такіх бы ў той кнізе парадкаў нарабіў, што пазней сам бы за вушы хапіўся. Зусім бы без ніякага мінулага давялося яму аставацца.

І знайшлося было раз Савосту здарэнне дзвярыма бразнуць. У п’яной бяседзе яму гэта шчасце ў рукі прыйшло. Нарваўся быў таго разу каталіцкі раскрыжованы Язус на іхняе вясёлае пісарскае таварыства. Ціхенька на куце, да сцяны прытуліўшыся, стаяў ён на сваіх прымастках. Дастаў яго адтуль Клемка Філончык. Абгледзеў сваімі гарачымі, гарэлкаю залітымі вачыма.

— Годзе табе, — кажа, — пане Язусе, пакутаваць! — і давай яго сілаю з крыжа вызваляць.

Таварыш чытач! Мы з вамі — бязбожнікі, дык нам што?! Калі ён бог, паводле свайго сацыяльнага становішча — варожы элемент у нашым грамадстве, то мы скрыва на яго павінны глядзець. Што нам пакуты асуджаных гісторыяй сацыяльных груп?! Хіба каб справіць смех, маючы час. А як надта некалі, дык і спакойна пройдзем паўз іх, у другі бок на той час адвернемся, каб не бачыць агіды пакут.

Новы нам дазволен да гэтых рэчаў падыход: можам кпіць з іх, колькі ўлезе: гэтым начыннем прабачаць новы, некалі шанаваны матэрыял.

Але не забываймася, таварыш чытач, што ў старой бытнасці, што на той бок вайны ў гадах ходзім. Што тады пра сацыяльныя становішчы Клемка мог ведаць? Проста і несвядома сказаў:

— Шкода, потым, і бога, як ён пакутуе.

Ды так шчыра быў за Язусава вызваленне ўзяўся, што аж у таго, варожага нам пакутніка, як з крыжа звёў, адной нагі не далічыўся. Да таго ёй люба няволя была, што адна адною засталася, па самае калена адламаўшыся, у сваім спрадвечным горкім стане на крыжы.

— Ага, мяцежнік! — закрычаў п’яны Філончык на каталіцкага, «польскага» бога, убачыўшы такія падэсці. — Як гэта ты адважыўся не ў поўным складзе з’явіцца на агляд?!

Маўчыць сціхатою гаротны, бязногі Язус.

— Га? — пытаецца ў яго Клемка Філончык.

І на гэта нічога не кажа.

— Заняло табе?

Расперазаў Клемка папругу. Палажыў пакутніка ніц.

— Я ж табе! — кажа.

— Двадзесце пеньць! — польскаму богу па-польску сказаў Філончык, каб той лепш разумеў і болей баяўся, ды давай яго, як дураслівае дзіця, папружкаю да розуму і пакоры даводзіць.

23