Нядоля Заблоцкіх - Страница 4


К оглавлению

4

Але пакуль варагі, пакуль купацца ў пшаніцу ціхенька ад хлопцаў уцячы, мелі моду дзяўчаты збірацца на Андруковай прызбе, па-суседству з Заблоцкім.


Да сядзела купалле на плоце.
Да яго галоўка ў злоце.

Хоць і любіў прыгоды Заблоцкіх малы, хоць і спадзяваўся на неспадзяванае здарэнне, але баяўся ён гэтай песні. Заплюшчыць вочы, каб тае «вовы» не бачыць, што сядзіць на плоце проці Заблоцкіх акна, і ў хату пазірае. Мелася, на дзяціны Савостаў розум, тут здарэнне быць. От зараз, здавалася малому, здарыцца яно. Зараз «вова» з доўгаю белаю торбаю адчыніць дзверы ў хату, старэчага скажа «пахвалёнага». Дармо, што ў «вовы» галоўка ў злоце, страшная яна, як і гэты доўгі плаксівы голас у песні.

Марная Савостава надзея была: здарэння не здарылася. Уцяклі з вуліцы дзяўчаты сабе пшаніцы шукаць. І немаведама дзе дзелася «вова» з-пад Заблоцкіх акна. Не здарэнне, а чыстая бяда была Заблоцкім з гэтаю пеўчаю прызбаю. Каб гэта было здарэнне, каб урэдкаю: у два, у дзесяць год, дый то як пападзецца толькі можна было тут песню сустрэць, тады б адчыніла Прузына акно, на ўзлакотках узаперлася б на падаконнік ды людской весялосці паслухала. Неяк бы ўняньчыла малога, неяк гаварыла б, што нічога тут страшнага няма. Тады і малы прыгледзеўся, прыслухаўся б, сказаў бы:

— Мама, от цаца…

A то прыслухаліся Заблоцкім дзявочыя песні. І не залюбіў малы купалля, а яго маці «курч» ненавідзела. Бывала, як пачуе ўвечары з вуліцы: «Акончыў курс свае навукі…» — усякі раз не датрывае Прузына:

— Ізноў гэты ненавідны «курч» зяваюць. Ад’еў ён мне вантробы!

Няма на Прузыну сну праз гэты ненавідны «курч».

— Пайдзі ты, бацька, — скажа яна на Юстапа, да багатыра Заблоцкага, — праштыр іх там з вуліцы: яшчэ дзіця пабудзяць.

І гэта не здарэнне — не раз так было, — што ўстане з ложка Юстап. Ва ўсім белым, ускінуўшы на плечы доўгі кажух, выйдзе ён на двор. Стане ў варотах ад вуліцы.

— Каб вы на жывот зявалі! Каб вам пазачыняла, пазакладала!

Аднаго «курчу» Прузына цярпець не магла, а Юстап і ўсіх песень не надта ўважаў. Толькі як калі ўвечары з карчмы дадому вяртаўся, любіў з песняю ў сваю хату дзверы адчыняць.


Рада баба, рада баба,
Што дзед утапіўся…
Ліха яму, ліха яму —
За корч ухапіўся!..

Самая вясёлая песня, якую любіў ён.

Не за Юстапаваю бытнасцю, а ў яшчэ даўнейшыя, даўней надта ж шанцавала п'яным на розныя дзіўныя прыгоды. Няма цяпер ім гэтае выгады. Прыстане ідучы каторы: як ужо добра ўлукаткі пойдзе яго дарога. Самлеюць хаджалыя ногі. Абсунецца чалавек на зямлю.

— І ляжы. Чорт цябе бяры! — скажуць на яго людзі, гэта гора ўбачыўшы, даўнейшым словам.

Цяпер на ўзві-вецер ідзе людское слова. А даўней і праўда было, браў чорт п’яных, меў на іх ласку — к сабе ў госці заклікаў. Утоміцца каторы ідучы, дык чорт такога добрага стаеннага каня дасць, што толькі глядзець. А не можаш сам сесці на яго, залішне гарэлкі перадаў, цяжка з сабою падымаць яе — чорт ласку зробіць: падсадзіць. Цалюткую ноч на тым стаенным кані будзе па сваіх маёнтках, па балоце, па куп’і вадзіць. А пад раніцу разгледзіцца, вочы пратрэ чалавек. Сядзіць ён на яловым карчы ці так на якой ламачыне. Плюне, працверазіўшыся, ды пойдзе памаленьку дадому.

— От, — скажа, дадому прыйшоўшы, — са мною прыгода была.

Ого, даўней! Было тады чым п’янаму пахваліцца. Але чакайце, можа, яшчэ што і ў Заблоцкіх будзе. Вы чуеце! Вунь Прузына.

— Ужо сыскаўся, п’яніца, — з свайго запеку сварыцца на Юстапа.

— Тут, сучка! На-цю-на!..

— А што? От зараз… — Вы не глядзеце, што Юстап на ложак кладзецца, як бы ўжо ён знябыўся. Гэта так… Тут нейкая хітрасць.

— Савоста! Савоста!.. — кліча бацька к сабе сына.

Савосту ўжо быў шосты год пайшоў. Ужо і ногі, і язык добрыя ён справіў сабе. Толькі нешта не слухае сын Юстапа.

— Савостачка!.. сынок!.. падыдзі ж, каб ты па свеце не хадзіў!

Не пусціць у паблуд Юстапіха свайго малога.

— От, каб табе язык не служыў! — аказалася яна з запечка. — Гэтак дзіця выклінаць?! Дзе ж: адап’е розум — каб ён смалы напіўся! — ды плявузгае немаведама што.

— Савоста!.. Савоста!.. — не перасціхае п’яны багатыр Заблоцкі.

— Чаго, тата? — падыдзе малы.

Ну, зараз нешта будзе! Зараз павінна здарыцца нейкае здарэнне.

— Падыдзі ў гэнай здыхлы папытайся: можа, ёй падаць трэба чаго. Можа, смалу, дзёгаць, можа, газу піць будзе…

Адыдзецца малы, памаўчыць, пачакае крыху, a потым:

— Мама!

— Чаго ж ты, сынок?

— Можа, вам дзёгцю, можа, газы хочацца? Можа, смалы падаць?

— Ах ты, лайдачына!.. Пайдзі ў гэнага п’яніцы папытай, — пакажа на ложак.

А таго п’яніцы, як і ў хаце няма — спіць. Надта ж падкі ён да сну. І праз гэта без жадных здарэнняў зжывае свой век.

Няма чаго нам больш бавіцца ў гэтай хаце. Ведаем ужо Савостава маленства, Юстапава п’янства і Прузынінага непрыяцеля: ненавідны «курч» — і даволі з нас.

— Аставайцеся здаровы, — скажам Юстапу Заблоцкаму, Прузыне Заблоцкай і іх сыну Савосту Заблоччыку. (Не было Пархіма дома, не віталіся з ім і развітацца з намі не прыйшоў ён). Трохі вуліца падсохла: каторы ўжо год, як той успамінаны дождж прайшоў. Перайдзём цяпер на другі бок да Вінцэнтага Заблоцкага.

ІV

Вы чуеце: нешта трумкае ў яго хаце. Гэта Вінцэнты струны нацягвае, робіць з імі лад. Добрая прымета: у чалавека час ёсць — разгледзецца, распытацца будзе калі.

Не спяшаймася ў хату. Заўнімемся крыху на Вінцэнтавым гразкім дварэ. Пастаім тут ды на меншага, бяднейшага Заблоцкага пакоі паглядзім. Дрэнь, па праўдзе сказаўшы, яго пакоі: не толькі пакояў, але хаты не варты яны — з зямлі шчыт рукамі дастанеш. Некалі гэта Вінцэнтава будыніна не хата, а варывенька звалася. Складаў у ёй той чалавек ад каго Вінцэнты яе адкупіў, па крысе буракоў, бручкі, рэдзькі, капусных качаноў на высадкі, ставіў у ёй кадзь сечанай капусты і кадзь галовак сабе на зіму, цэбар пасоленых агурок гэтаксама меў сваё месца. А перавёз сабе Вінцэнты тую варывеньку, і лепшы яна ў яго знайшла толк: два акны, як далонню закрыць, прарэзаў новы гаспадар, каб крыху блішчала ў хаце, каб ведаць, калі развіднее і калі змяркаецца на дварэ. Наняў муляра, зрабіў печ і пачаў ад тых дат у варывеньцы жыць Вінцэнты Заблоцкі, пачаў хатаю сваю будку зваць.

4