— Такі ж нешта робім?
— Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі.
З даўнейшых «казалаў»
Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, а ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла.
Усюды Заблоцкі вядомо.
Усюды Заблоцкага за свайго чалавека маюць.
Што край, то новую яму асядласць даюць, начай пра тое няшчасце байкі баюць. А таго не ведаюць, што наш гэта чалавек — з Баркаўцоў, і ўсе тыя прыгоды не немаведама дзе, а поблізу гэтай вёскі рабіліся. Таго не ведаюць, што славуты гандлёўшчык не валацуга які з усяго свету, што забыўся пра сваю радзіму, але з спрадвечнага даматурскага ён роду: яго бацька не абы-як, а Юстап зваўся, ды акрамя бацькі меў яшчэ гандлёўшчык і дзядзьку Вінцэнтага, меншага бацькавага — аднаго бацькі ды не адной мацеры — брата, і свайго ўласнага меў ён меншага роднага брата Савосту. Таго не ведаюць, што ўсе яны былі такія самыя, як і гандлёўшчык, славутыя Заблоцкія. А яшчэ ж былі ў іх сваякі, суседзі… яны хоць з мылам і не зналіся, але не менш за Заблоцкіх усяго-ўсякага бачылі за свой век. Ды, урэшце, самага патрэбнага не ведаюць тыя, што Заблоцкаму бліжэйшую да сябе асядласць даюць, што пра яго няшчасце байкі баюць: як жа зваўся ён? І прыходзіцца падказаць, што зваўся — Пархім.
Самае першае — як зваўся чалавек. Дрэнь тое мыла, што ён прадаў. Прадавалі мыла да Заблоцкага, прадаюць і цяпер, пасля яго.
Другое: што ён быў за чалавек? Чаму так прыспела Заблоцкаму на мыле, а не на чым іншым сабе заработкі знайсці? Што яго ў гандлёўства пусціцца прымусіла? І гэта ведаць трэба канечне. Але адложым яго на далей. Скажам толькі:
Кожнаму Заблоцкаму прыйшлася адменная доля. Усякі з іх свой талент і сваю ганьбу меў. Толькі не карысць з гэтага была ім, а згуба. Стары Заблоцкі — Юстапаў і Вінцэнтаў бацька, а Пархімаў дзед — быў спрадвечны гаспадар. Сам ён быў чалавек старасвецкі, ды імя сабе меў старасвецкае. Зваўся дзед Заблоцкі так, як мала хто цяпер завецца — Савэрын. Ні цяслярства, ні бандарства — ані нічога, акрамя зямлі, не ўмеў рабіць ён. Ніякага начыння, акрамя сахі з цэпам, не ўмеў Савэрын трымаць у руках. Так даўно ён жыў на свеце, што тады яшчэ плугоў і не зналі людзі. А з Савэрынавых сыноў адзін Юстап трымаўся бацькавага таленту. Вінцэнты ж меншы, ад другой жонкі Савэрынаў сын, музыкам удаўся. З Савэрынавымі ж унукамі было яшчэ горш: Савоста ў пісары пайшоў, а Пархіма ў гандаль павяло. Так здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавіны. Вілаватая ім у жыцці траплялася дарога.
Пакуль жыў Савэрын, пакуль Заблоцкія ў кучы жылі ў аднэй хаце, было і хлеба даволі, і скорам ніколі не зводзіўся ў іх. Тады ў іх хаце быў стары бацька і было яшчэ без бацькі двух роўных, здаровых мужчын. Нявесткі — Юстапава Прузына і Вінцэнтава Разэля — з дзяцьмі тут не ў лік, хоць, праўда, у аднэй Прузыны толькі было два хлапчукі, а Разэлю, як Вінцэнты казаў:
— Крыў бог ад гэтага няшчасця, ад іх крыку, ляманту.
Было работнікаў у Заблоцкіх, але не было ў іх хаце такога здарэння, каб спрэчка за што ўзнялася. Савэрын, не то што даўнейшы, але саўсім старасвецкі быў чалавек: гэта яго сыны, унукі — даўнейшыя людзі. І ўсё ў Савэрына рабілася па-старасвецку. Усякі ў яго меў сваё месца і сваю работу. Гэтай работы ды Савэрынавага слова пільнаваўся кажан, і ўсё ў пару зроблена было: у пару з поля збіралі, у пару і ў меру бралі з свірна што трэба на свой абыходак. Ніводзін колас дарма не загінуў. Бывала, вяжуць у снапы на жменькі жаты, ячмень ці авёс, а потым Савэрын загадае ўзяць кашэлікі ды перайсці ячнішча, аўсянішча — каласы пазбіраць, каб, як казаў па-старасвецку той дзед Заблоцкі:
— …Божы дар дарма на полі не прападаў.
Пырніку, бывала, і на лякарства не знойдзеш на Заблоцкіх полі.
На ўсё парадак пры Савэрыне быў. Як прыйдзецца за стол садзіцца, дык галоў, як качаноў на капуснай градзе, збярэцца. Тады і нявесткі і ўнукі — усе ў лік. А як пойдуць за работаю, дык нікога лішняга і не відаць. Усякі мае свой занятак. А па Савэрынавай смерці пачалі муляць думкі пра дзяльбу ў Вінцэнтага, пачаў Юстап ціхенька з мяшэчкам у Воркаву карчму ўчашчаць — насіў ён туды тапіць сваю нядолю. І сышла тады недзе злагада ад Заблоцкіх, уцёк спакой з іх хаты. Перш-наперш кінулі Заблоцкія, усёю сваёю сям’ёю застолле заняўшы, гаварыць самі з сабою, з смешных здарэнняў разам выскаляцца.
Пачалі ад тых дат круціць светам Заблоцкія. І рассыпаліся яны, як гарох на сто дарог, — хто куды віда. Што была адна сям’я, адна хата, адны Заблоцкія — аж з тэй аднэй ды пакрысе тры хаты зрабілася, з аднэй сям’і — цэлая фамілія. Крутам-мутам… усяк Заблоцкія жыць прабавалі.
Не было на іх росту: усе да аднаго аршын з шапкаю ўдаліся на вышкі. А ўсё цягнуліся ўгору, каб над усімі вышэй быць, каб адусюль іх бачылі.
Немаведама, што даўней было.
Засталучылі байкі праўду, калі заходзіць мова пра даўніну. І што далей ад нас, што глыбей у гады, то ўсё большы, гусцейшы ад іх туман, а з таго туману часам такія прывабныя вытыкаюцца здані, што набок тады ўсякая праўда.
Туманам даўнасці заслалася: як дзяліліся Заблоцкіх браты — Вінцэнты з Юстапам: як Юстап падгадзіў сырам, маслам, шаснасткаю белага смачнага заводнага гароху баркаўскога валаснога суддзю ды як той, судзячы, назбіраў памёршых і выдуманых душ: бацькаву, матчыну і яшчэ нейчую — немаведама чыю — часць прысудзіў Юстапу, а Вінцэнтаму ўсяго ў падзеле даў пад абрэз.
Так даўно гэта было… Такім забыццём заслалася… Ані не відаць праз яго, як сагнаў суддзя Вінцэнтнага з усім яго невялікім будынкам з вышэйшай, сушэйшай часткі Заблоцкіх сядзібы на другі бок вуліцы ў западзь, на дрыгву. Не відаць ад нас, што так далёка ўжо ад таго часу адышліся, як пакутаваў Вінцэнты ў падсуседзях, як не прыйшлося яму з падзелу сваёй хаты. Але сяк-так, у пазыкі ўлезшы, узбіўся ён на грошы. Апытаў праз людзі сабе варывеньку на хатку ды купіў яе за дванаццаць рублёў.