Нядоля Заблоцкіх - Страница 10


К оглавлению

10

Абы прыйшлі пакровы.

— Пайшоў у школу, — чуе Клемка назаўтра ранічкаю.

Далася добра Філончыку школа ў знакі. Кажан год чакаў яго там злосны баркаўскі настаўнік Зубрыцкі, трымаў напагатове лінейку ў руцэ. Не было над яго лепшага майстра лапы даваць.

Штогоду зношвалася ў Зубрыцкага на гэтай рабоце моцная дубовая лінейка. Штовосені перад пакровамі рабіў яму сталяр новае гэта начынне.

Толькі адчыніць, бывала, Клемка Філончык у клас дзверы.

— Ну што, бальшун? — пытае Зубрыцкі, не дасць ён і разгледзецца яму. — Ізноў у першазімцы?

Баяўся Клемка надта ў рукі холаду. Пакуль па пакровах назаўтра пяройдзе ў школу, паробяцца яны ў яго, як карчы. Добра, што Зубрыцкі не толькі настаўнік, але і доктар крыху быў. Умеў ён даць раду мярзлявым рукам. Яшчэ не змоліцца Клемка адказаць, куды ён: у першазімцы ці ў першае гэты год сесці думае, а ўжо настаўнік вітацца ў яго просіць:

— Дай сюды правую!

Толькі неяк не па-людску вітаецца Зубрыцкі. Бярэ Клемкаву руку за самыя пальцы, моцна — каб не вырваў — трымае. Пераверне далонню ўверх, як мага больш выпучыць яе. Тады возьме лінейку з стала. Памаленьку, не спяшаючыся, урэжа Філончыку пару лапаў. Зачырванеецца, гарыць рука, а Зубрыцкаму гэтага мала.

— Левую дай!

І ў тую ўкіне гэтулькі сама лап, каб ў крыўдзе не асталася.

Такую ўжо быў моду паняў баркаўскі настаўнік: перш зрабіць рукі як пампушкі, а тады дасць лемантар у іх патрымаць.

— Ну, чытай! Ма… А як далей?

— Мы-а, ма… — добра пачне Клемка, але да канца гэтай мудрасці ўсё роўна не чытаецца: не знясе гэтага яго зашыты розум.

— Мама мыла раму, — падкажа Зубрыцкі, як збрыдае яму ад Клемкі гэтага хітрага адказу чакаючы. — А што, надаўбень?! Я такі не памыліўся, наперад даўшы гасцінца. От ты цяпер і зарабіў яго.

Паглядзіць настаўнік на Клемкавы рукі: як вараныя ракі яны ў яго.

— У першазімцы.

Кажан год быў Філончыкаў першы дзень у школе падобен на леташні такі самы дзень: тая гаворка, тое чытанне, тыя самыя чатыры лапы. І кажны год садзіўся Клемка на тую самую лаўку — на самую апошнюю, што стаяла ў самым кутку пры сцяне. Яна самая высшая была ў школе. І было на ёй ад Зубрыцкага многа зацішней.

Гэтага ж году меўся быць цуд. Ужо, калі шыў што Клемка на сабе, дык браў істужку ці палатна кусок у зубы. Трымаў яго так аж датуль, пакуль не ўся ў яго работа была. Сцярогся, каб хаця як незнарок ізноў розуму не зашыць. Пасталеў, паразумнеў Клемка, восем год у школу пахадзіўшы, і наважыў ён гэту восень з першазімцаў у першае перайсці.

Ды і пара была, тым часам: ці дасцё веры?! Васемнаццаты год ад першай прачыстай пайшоў хлопцу. Цяпер з гэтага дзіва.

А даўней гэта не першыня была. Па дванаццаць, па чатырнаццаць год некаторыя цягаліся ў пачатковую школу. Усё скончыць яе не маглі ніяк.

Дык от: стаіць Клемка Філончык — сам у сабе хлапец — на заручычах пад Заблоцкіх бярозаю і на ўсё поле спявае. (От бачыце, таварыш чытач, мы загаварыліся пра сёе, пра тое: пра чаравікі, пра немагчымую закладку на зямлі, пра патаемныя кладкі ў гэтым гразкім месцы і пра іншую дробязь, і не чулі Клемкі за паўганей ад яго стоячы. І гэтак ён моцна і даўно тут чытаў! Можна ж было вам многа раней яго пачуць).

— Мы-а, ма, мы-а: мама. Мы-ы, мы-лы-а, ла: мыла. Ры-а, ра, мы-у-му: раму. Мама мыла раму, — такі паўздужаў сяк-так. Аж палягчэла Клемку, як пачуў, што на волі цяпер яго розум, не зашыты ўжо ён у яго. Весялей зірнуў на свет Філончык. Але ненадоўга вясёлы быў яго пагляд. Убачыў Клемка малога Юстапчыка на заручычах.

— І ты ў школу? — пытае ў яго Савоста проста, па-сяброўску.

От тут і па ўсёй Філончыкавай радасці было. Ізноў найшла хмара над яго яснымі, віднымі вачыма.

— У школу, — неяк не падумаўшы сарвалася ў яго слова з языка. Напусціўся Клемка ды, як роўнаму, Савосту адказаў. І сам ён гэтаму быў не рад.

— І я ж у школу йду!

— Смаркач! Пайдзі шчэ свінні папасі. Які цябе дурань прыме?

— Той самы, што і цябе прымае.

Быў Клемка дужаваты хлопец. Ужо ціхенька ад бацькі на вячоркі хадзіў. І росту не вобмаль было ў яго. А Савоста Юстапчык проці яго саўсім дзіця. Не выпадае Філончыку з ім разам у школу йсці. І папрабаваў Клемка перш крыху шырэй распусціць свае доўгія галы. Але няма рады — Заблоцкіх малы бягом услед бяжыць. Тады Клемка нага за нагу папрабаваў ісці. Ідзе з ім пораўне і Савоста, як там і што ў школе, распытуецца. Тады стаў Філончык. І Заблоччык стаіць, не йдзе.

— Адыдзі, жаба, a то як плюну зараз — згарыш!

О! Гэта памагло!

Савоста, як меншы, паперадзе, пабег, а Клемка — многа за яго сталейшы — адзін, сам сабе, памаленьку ззаду за ім пасунуўся.

Не саўсім так, як летась, пачаўся сяголетні Клемкаў першы дзень у школе. Тымі самымі словамі яго Зубрыцкі стрэў, толькі выткнулася ў клас з-за дзвярэй добра знаёмая настаўніку шапка, тымі самымі чатырма лапамі — у адну руку дзве і ў другую дзве — ён з ім прывітаўся. Ды не тое, што летась, на першы дзень было ў Клемкі чытанне. І далей перайначылася крыху настаўнікава мова:

— Памыліўся ж я, наперад табе даўшы гасцінца. Не зарабіў ты яго ў мяне сягоння, — сказаў справядлівы Зубрыцкі. — Але: дармо! Некалі змяркуемся. Некалі тое за тое адыдзе, — памеркаваўся ён. — Некалі яго заробіш. Быць жа не можа, каб ты на гэтым нават тыдні ў мяне лапы не зарабіў!

І не такая крыўда Клемку была, як пасадзіў яго Зубрыцкі ў першае, а Савосту прыняў у першазімны. Але меў потым крыху ён на малога закалец: не раз перападала Юстапчыку кухталёў, як нарвецца ён калі пад злосць.

Не святы быў Савоста Юстапчык; не мінала, але частавата нават, нарывалася на яго настаўніка дубовая лінейка — то за дур, то за няздадзеную лекцыю, то за задачы. Свянціў Зубрыцкі і яго рукі. Аднаго разу быў такіх гарачых лап яму ў абедзве жмені палажыў настаўнік, што аж рукі ў рот хапіў з непрывычкі, як бы і не разагрэліся, а саўсім зледзянелі яны. Так быў таго разу даўся яму Зубрыцкі ў знакі, што не было сну на Савосту ўсю ноч пасля таго: дадумляўся ўсё Юстапчык — дзе б яму лепшую, не такую балючую навуку знайсці.

10