Нядоля Заблоцкіх - Страница 9


К оглавлению

9

На другое лета ўжо завялік быў Савоста на «коні». Ужо адгуляў у іх. Рэзаў ён цяпер у «пікара» з ранку да вечара. «Пікар» быў на выгане, свінні пасучы, «пікар» не змяняўся і дадому прыгнаўшы. Гульня не змянялася, а лета на восень змянілася хутка — і не агледзеўся Савоста, калі гэта здарылася. Ды не толькі ён, але і бацькі не агледзеліся, калі надышлі пакровы. Гэта ж свята людзям, у каго малыя ёсць, пра школу рупясць давала.

— Трэба і нам свайго малога выправіць. Як ты думаеш, старая? — папытаўся Юстап у Прузыны, на пакровы снедаць за стол сеўшы. Ён, як не быў п’яны, заўсёды пытаўся ў жонкі парады: як лепей зрабіць. Як сам хоча, так, бывала, зробіць Юстап, але папытае:

— Што ты на гэта скажаш? Як параіш?

— Як сам знаеш. Па мне — выпраўляй сабе, — дала Прузына свой спрадвечны адказ.

Юстапа некалі дарэктары вучылі. Рускія і польскія вялікія літары ён знаў. Так і гэтак, калі дзе надта пільна прыйдзецца, распісацца мог. Некалі, як Юстапа вучылі, дарэктар, як пастух, па чарзе з хаты ў хату, хто гадзіў яго свае дзеці вучыць, пераходзіў. Тыдзень за дзіця дарэктара карміць трэба было. Тыдзень у таго чалавека ў хаце збіралася школа. А тады далей школа і дарэктар ішлі па чарзе. Цяпер жа многа начай было. Паставілі цеслі проці паповага дому школу. Туды штораніцы беглі дзеці з Баркаўцоў і з блізкіх вёсак. Не па хатах ад’ядаць за малых хадзіў настаўнік, а быў яму ў школе зроблены асобны комар, і там ён сабе на казённай пэнсіі быў.

— Ну, Савоста? Як ты на гэта? Пойдзеш вучыцца? — зрабіў прыклёп, папытаўся Юстап у малога.

— Чорт яго! Хто ж тады нам каровы адпасе?! Ды вунь і авечая чарга блізка. Пакуль адбудзеш сваю рату за пятнаццацера штук, дык і ў школу хадзіць будзе не пара.

Добрыя, моцныя прычыны былі ў Савосты, каб у школу не хадзіць. А самую большую, самую мацнейшую прычыну такі ўтаіў малы Юстапчык. Не прызнаўся, што — па праўдзе сказаўшы — ён ужо чытаць-пісаць і ўмеў крыху. Цэлыя тры літары на памяць вывучыў свінні пасучы і так добра ўмеў з іх слова злажыць, што і настаўніку б не было чаго ў Савосты паправіць. А пісаць гэта слова быў так шчыра ўзяўся, што як папаў сцізорык, ніводнай прысады цэлай не асталося. На кожным клёне, на кожным ясені Савосты пісьменнасць была знаць. Толькі не пахваліўся ён бацьку гэтым сваім умельствам. Пабаяўся, каб Юстап не адлупіў папругай за такую навуку.

— Чорт яго пойдзе! — толькі Савоста сказаў.

Але заўтра, на другі дзень па пакровах, як узяліся маці за скарач, бацька за папругу — бачыць Савоста, што большага, лепшага проваду чакаць яму боязно. Абуўся ў патапцы ды паціснуў ціхенька за дзверы.

Школа стаяла на выгане, пры рэчцы. Рабілася гэта, каб настаўнік надта з мужыкамі не братаўся, каб менш яны яму на вочы находзілі, каб надта не загаварыўся з імі, а больш, каб дармовыя дадаткі да «Нивы» чытаў ды на рэчку, на хараство прыроды ўглядаўся. Напроці школы і папоўскі дом быў — акно ў акно. Гэта ізноў з розумам зроблена было: каб часцей пападзянкі ў настаўніка на воку былі, каб — як прачытае адзін дармовы дадатак ды пакуль за другі возьмецца — было яму сякое-такое разгарненне. Трэба ж вымеркаваць так, каб не саўсім здзічэў чалавек у адзіноце, над дармовымі дадаткамі крукам гнучыся.

Як зімою, дык перш вуліцаю, а потым гасцінцам дарога ў школу. А ўвосень, пакуль няма снегу, па загароддзі ў школу многа прасцей і бліжэй.

Выбачайце, таварыш чытач. Можа, вам і нязручна цягацца за маімі абрыджонымі героямі ўслед. Куды яны толькі не звалакуцца?! От як цяпер Савосце: у такую гразкую мясціну ён нас завёў! На загароддзі на заручычах — як у нас завуць, — кудою ён у школу пайшоў, нязвыкламу чалавеку надта ж дрэнна: росна, гразка, абы ступіў — зараз жа рыжая вада з рудою набягае ў твой след. Дрэнна вам, таварыш чытач, ісці за маімі героямі следам — сам гэта ведаю, але нічога іншага парадзіць не магу, — дрэнна, калі вы, часамі, у чаравіках. Сапсуяце дарэшты свой абутак. Не залюбіць ваш хром баркаўскіх заручычаў — гэта добра ведаю — назаўтра ж паколецца, патрэскаецца і на сметнік папросіцца ён у вас. Не толькі хрому, але і панчохам будзе дыхту. Я пэўны, што цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі.

Выбачайце мне, таварыш чытач! Ну што я зраблю?! Ну чым я тут папраўлю?! Зямлі ж у заколадку не зложыш, каб гразкія, мокрыя мясціны схаваць, каб толькі пасуху хадзіць. Не памыкайцеся пра меліярацыю распачынаць гаворку! Я гэта ведаю. Але вы, мусіць, забыліся, як далёка адышліся мы. Забыліся, што яшчэ перад вайною ходзім мы па гэтых заручычах. Дзе тады, скажыце, тая меліярацыя была?!

А ведаеце, праз каго псуецца ваш хром? Хто тут вінен, калі самакрытычна да гэтага пытання шчыльна — лоб у лоб, як цеслі кажуць — падысці? Mae героі. Цераз лад яны ўпартыя ўдаліся. Не павядзеш іх па навозах, дзе лепшая, сушэйшая дарога, калі яны ведаюць, што тудою далей, кружней.

Ды ўрэшце, гэта як хто хадзіць умее. Вы папсавалі сабе хром, а Савоста ў патапцах — такіх лапцях з сукачоў — перайшоў, як чэрці яго перанеслі: ані ног не папрамочваў. Бо ён дарогу ведае, ведае, дзе ступіць, каб на кладку, што зверху мохам зарасла, трапіць. Ані не знаць кладак на заручычах нам з вамі, а Савоста ведае, дзе каторая ляжыць.

Толькі выйшаў з западзі на ўзгорак Савоста, ажно там пад Заблоцкіх бярозаю стаіць Язукоў Клемка з лемантаром. Прыйшло на Клемку безгалоўе — ненавідная восень. Выганяе бацька з хаты. Нешта ж надумаўся Язук Філончык. З сына чалавека зрабіць захацеў. Ды дзе там з Клемкі чалавек будзе, калі ён, малым быўшы, зашыў сабе розум. Бывала, абы вырваўся гузік, не меў ён моды даць мацеры ўшыць, а сам возьме нітку, сам завалачэ ў іголку і на сабе, нічога ў зубы не ўзяўшы, верне гузік на яго даўнейшае месца. Ушые ды яшчэ і памацуе: ці моцна сядзіць.

9