Нядоля Заблоцкіх - Страница 14


К оглавлению

14

— Дзе вы бачылі! Ці гэта нашага брата работа над кніжкаю марнець, сухотаў на сваю галаву старацца?! Хай паны вучацца. Яны ўжо да гэтага звыклі. Дзяды, прадзеды іх на навуцы зубы паз’ядалі.

І падгарэў за гэтым разам у Прузыны блін ка скаварадзе, ды так, што мусіла яна яго ў ражку выкінуць.

Пабудзіў Савосту гоман, што быў у хаце. Зірнуў ён, прачнуўшыся, — сядзіць у іх на лаве настаўнік. Прыслухаўся Савоста — пра яго гаворка. Прапаў позны, смачны сон. Не давялося яму ўкрасці сабе ў дня раніцы. Удвух яны з Пархімам спалі, але не аднакі быў у іх сон. Пархім ні паху ад свежага бліна, ні гоману ў хаце — нічога не чуў. За ўчарашні прагуляны вечар хацелася яму нагнаць. Толькі раз за ўсю раніцу на другі бок перавярнуўся, каб вачыма да сцяны, у цямнейшы куток, быць. І спаў. Так другія і пшаніцу прадаўшы не спяць. Пшаніцу прадаўшы баязно, каб хто грошай не падседзеў. А Пархіму што? Ён яшчэ ні сваіх грошай, ні гаспадарскага клопату не меў.

І не блізка была Прузына аддаваць малога ў навуку. Зубрыцкі што ні што, нічога не помач. Не ўгаварыў кабеты. Ужо і адыходзіў ён, а Юстапіха казала:

— От хай жыве, як дзед, бацька жыў. Хай глядзіць гаспадаркі, і добра будзе. А то — дзе гэта відана…

Мелася Прузына даць гасцінца настаўніку. Але зненавідзела цяпер яна Зубрыцкага за яго мову. І толькі сама сабе падумала:

— За што даваць?! А трасцу! Скулу! Не знала б дзіця яго акзаменту, шчаслівейшае б было.

Юстап жа найболей маўчаў гэтай раніцы. Калі і скажа ўрэдкую слова-два, дык ні сюды ні туды выходзіла ў яго. Цяжка было разабраць Юстапаву думку.

— Яшчэ будзем бачыць. Савостава ўсё шчэ наперадзе.

Сядзеў ён на ложку ў запеку. Курыў ды плёваў у гаршчэчак з пілавінамі. Толькі летась палажылі падлогу ў сваёй старой хаце багатыры Заблоцкія. І шанавалі яны яе лепш, як вока ў ілбе.

Учора толькі перад вечарам перацягнула крыху Юстапіха падлогу мокраю анучаю, а каб сягоння за раніцу гразка не стала на ёй, пастаралася яна Юстапу гаршчэчка.

Так было, пакуль быў настаўнік у хаце, а як пайшоў?

— А што ты думаеш, старая? — папытаўся Юстап у Прузыны. — Можа, й праўда! Хай бы Савоста ў людзі йшоў, а нас з табою і Пархім да смерці дахавае.

Прузына ціхая кабета. Але дала яна Юстапу пытлю, як пачула, што не толькі на вуліцы, але і ў іх хату ўваб’ецца ненавідны «курч».

— Ой, згубіш, бацька!.. згубіш хлапца!.. Век з яго чалавека не будзе. Ты слухаеш, што там які шалахвост чаго нагаворыць. Плюнь на гэта і нагою затры. Прыходзіў, каб далі што. Думаеш чаго? Але не папаў. От ты паглядзіш цяпер.

Ніякага гарадскога ён табе болей не ўспамяне. Абмінаць будзе, калі дзе ўбачыць. Ты таго не думай! Усякі чорт толькі глядзіць, каб пацягнуць з нашага чалавека, — так прабірала свайго мужыка багатырка Заблоцкая.

І на Савосту насварылася яна, як той начэрпаў у конаўку вады, як падсунуў бліжэй да лавы свіное вядро, каб памыцца над ім.

— Не слухай, Савоста! От пільнуйся гаспадаркі — будзе лепш. Я на благое цябе не вучу.

І не дала яна яму памыцца ў хаце.

— Гэта ж і на дварэ цёпла. Пайшоў бы да студні ў карыта, што коні паіць. A то будзе тут мне ў хаце на чыстую падлогу наліваць.

Ад таго разу не пайшоў болей Зубрыцкі да Заблоцкіх. Але і не спраўдзілася Прузыніна слова. Не абыходзіў настаўнік Юстапа. Разоў з два за ўсё лета стрэліся былі яны. І абодва разы пра Савосту ўспамінаў Зубрыцкі.

— Ну, як жа ваш малы?

Усякі раз не забываўся сказаць:

— Вам яго, канечне, трэба аддаць у навуку. Проста грэх будзе, калі вы яго пры сабе будзеце трымаць.

Хлюпскае гарадское лепш, як Несвіжскую семінарыю, раіў ён. Казаў:

— Скончыўшы гарадское, многа прастарнейшы яму будзе свет.

Усё лета было ціха ў Заблоцкіх, а як прыйшла восень, дык і сварка знайшлася ў іх хаце. Толькі як ні бралася Прузына, а Юстапа яна не пераставіла. Як наважыў, свайго такі дамогся ён. Калі прыйшоў верасень, аддаў Юстап Заблоцкі свайго Савосту ў гарадское да Хлюпска. Хоць і не любіла Прузына слухаць яго мовы пра Савоставу навуку, але была ў Юстапа прывычка хваліцца ёй, што ён калі надумаўся рабіць, і чаму сама лепш зрабіць так, як ён хоча. От што казаў гэтага разу багатыр Заблоцкі.

— Яно, можа, і праўду казаў настаўнік, што прастарнейшы яму ў гарадскім будзе свет. Ды тут і нам спрытней. Праўда, старая? Усё бліжэй, як у Несвіжы на настаўніка вучыць. Тут і яду, і адзежу зручней падаць, а там — у Несвіжы — усё з капейкі жыць трэба.

Ды не так з ядою, як з адзежаю цяжкавата было баркаўскому багатыру. Даўней значылі вучняў, як тых авец: баяліся — каб хаця дзе яны не адбіліся ды да другога, няшкольнага, статку не прысталі, каб, калі гэта і здарыцца, спрытней было іх вылучыць адтуль. Авечкам вушы рэжуць, знакі чапляюць, а вучняў значылі адменнаю шапкаю, аднастайным палітонам. І ўсё гэта бацьку за свае грошы справіць трэ было. Прыйшлося небалазе Юстапавай багатырскай кішэні.

Доўгі падаўся Прузыне першы тыдзень без Савосты. Як дзень міне, то — год, адлічвала яна. І на пятым годзе, што па-даўнейшаму так і зваўся — пятніца, пачала яна ганяць Юстапа.

— З’ездзі ты, прывязі яго. Хаця я пагляджу, які ён цяпер.

Але без пары не паехаў Юстап. Пачакаў ён заўтрашняга дня. А заўтра як раз была субота. От тады, як ужо з паўдня звярнула сонца, запрог каня Заблоцкі. З’ездзіў ён да Хлюпску, прывёз на нядзелю Савосту дадому.

Згледзеў Зубрыцкі з школы праз вакно Савосту дадому едучы, ды зараз прыйшоў і ён да Заблоцкіх. Цікава было настаўніку, у малога распытаўшыся, успамянуць свае семінарскія, дураўныя гады.

— Ну што? Як табе паводзіцца?

14