Нядоля Заблоцкіх - Страница 15


К оглавлению

15

— А што мне?! Прыйдзе настаўнік — кніжку расхінеш або сшытак наверх дастанеш. А званок зазвоніць — выйдзеш у калідор. Крычаць, бегаць там у нас няможна.

Куды больш пачуў Зубрыцкі, як Савоста сказаў. І пачуў, і ўбачыў сваю семінарыю ён. Там было гэтаксама: і расхінёная кніжка, і сшытак, і настаўнік, і званок, і калідор. Не аднакая кніжка, не адзін сшытак, шмат усякіх настаўнікаў было. Не аднакі званок з лекцыі і на лекцыю званіў. Святлеў, прастарнеў, намружысты, вузкі калідор у суботу па апошняй лекцыі.

— Ну, а як жа табе? Не цяжка?

— Не. Які там цяжар?! Гадзіны са дзве, дык у мяне і гатова ўсё, — любіў пахваліцца Савоста Юстапчык.

— А тады што?

— Тады нічога. Ніхто ка мне не ходзіць, і я ні да каго не ведаю дарогі. Сяджу на кватэры.

— To падыдзі ка мне заўтра пад вечар — я табе добры занятак дам.

Яшчэ не выкамячыў добра Савосту гарадскі «курч» на панскі кволы капыл. У нядзелю з раніцы як пайшоў на вёску, дык да вечара ўсё сваё таварыства, што разам у «пікара» гулялі, абышоў. Пахваліўся, як яму там, у гарадскім, паводзілася. Не мінуў ён і Зубрыцкага. Не гуляў са сваім настаўнікам Савоста ў «пікара», дык да яго да апошняга перад самым змярканнем зайшоў.

— Дык дзе ж ваш той занятак?

— Пачакай. Зараз дабяру.

Доўга капаўся ў кніжках Зубрыцкі — з месца на месца дармовыя дадаткі перакідаў. І нічога не знайшоў-такі пад імі. Мусіў тых дадаткаў адабраць цэлы стос.

— От вазьмі хоць гэтыя. Няма лепшых… Якія ёсць.

Курчыў Савосту курч у гарадскім, а цяпер яшчэ і дома па сваёй ахвоце пачаў гнуцца ў крук над тымі, ад настаўніка ўзятымі дармовымі дадаткамі. Так шмат ён іх т?ды прывалок ад Зубрыцкага, так надоўга было яму іх чытаць, што аж нехаця ехаў ужо Савоста ў Баркаўцы. Як калі прыедзе па яго Юстап у суботу, дык:

— Дарма вы, тата, толькі коні ганяеце, — скажа на бацьку крыху падвучаны сын. Шкода яму пераездкі — усё б прачытаў балонак колькі. Але, каб не саўсім марна сцерліся святочныя дні, ён возьме з сабою дадаткаў.

Бывае, мала іх возьме. Прачытае, ды і выб’ецца з работы Юстапчык.

— Можа б, ты, Савоста, дзе на вёску схадзіў, — параіць яму Прузына, як убачыць, што ные малы. — A то табе збрыдае дома аднаму.

— Нешта не хочацца, — адкажа Савоста. І, калі няма ў запасе ніводнага дармовага дадатку, сядзе пад акном, будзе ціхенька сядзець, глядзець недзе далёка на пазебленыя навозы, шукаючы там у ветраную туманную восень хараства прыроды ў гразкай чорнай раллі. І дождж пасыпле — не ўцячэ ён з акна: будзе сядзець і лічыць буйныя, зборныя кроплі, што спадаюць з капяжа.

— Можа, ты нездароў? — папытаецца Прузына.

— Ат. Што вы здумляеце, мамка?!

— Дык што ж ты маўчыш, нічога не гаворыш?

— А што я з вамі гаварыць буду?!

— Хоць што.

Забылася пра «курч» Прузына і ніяк не разбярэ: што яму, гэтаму хлопцу, далягае? Якая журба ў яго на сэрцы ёсць? І раіць яна апошні самы лепшы сродак:

— Можа б, ты лёг паспаў? Ці не палепшала б тады, ді не павесялеў бы.

— А йдзеце вы! Мне й тут добра.

Усяго баркоўскага, у гарадскім пабыўшы, забывацца пачаў Савоста Заблоччык. Сваіх людзей, на месце стрэўшы, не пазнаваў ён; ціхенька, слова ні да каго не прагаварыўшы, сунуўся Юстапчык, куды яму трэ было. Ды й само месца пачаў абыходзіць. Хоць крыху кружней было па загуменню, далей ад гарадскога на кватэру, як мястэчкам цераз места, але любіў Савоста гэтую адзінокую дарогу і тудэю хадзіў, пакуль снегам сцежкі не завее.

Не то каб каго — Клемку Філончыка не пазнаваў Савоста. Два разы яму трапілася Клемку ў Хлюпску стрэць. І абодва разы Заблоччык не адзін — з другімі вучнямі з гарадскога йшоў. Дык мала таго, што не пазнаў, але яшчэ ў другі бок адвярнуўся, каб хаця той не ўлічыў Савосту ў свае людзі ды не загаварыў — не асарамаціў перад таварыствам. Баяўся Юстапчык, каб не падумалі сябры, што з простых мужыкоў ён і ніякага хвальварку няма ў яго бацькі.

Хоць урэдкую ездзіў Савоста нядзелеваць у Баркаўцы, але нарваўся быў аднаго разу на гаворку пра Клемку Філончыка. Гаварылася тады нешта ў Заблоцкіх хаце і пра пошту, і пра нейкага Махоўскага. Але набраў таго разу Савоста дадому даволі дармовых дадаткаў, каб не ўслухацца ва ўсякія гаворкі. Так і праляцела гэта паўз вушы ў яго.

Бывала, у панядзелак не ўпыніцца Юстапчык, каб хаця ў гарадское з дому не спазніцца. Ад поўначы ўспорацца ды ўсё ганяе бацьку, каб каня запрагаў. Але аднаго панядзелка выйшаў быў раніцаю Юстап надвор’я паглядзець. Пацярушваў сняжок.

— Як сабе хочаш, а сягоння я цябе не павязу, — сказаў Заблоцкі, прыйшоўшы ў хату. — Вунь мяцеліца на дварэ — ані вон. Паедзем пад вечар, а не — то заўтра раніцаю, — так сказаў ды пайшоў ён аглядацца.

Скончыў воглядку Юстап — перасціхла й мяцеліца.

— To збірайся, — ужо інакшая была ў Юстапа мова, другі раз прыйшоўшы ў хату, — адвязу: нечага рупіць не будзе.

Дарога была замецена. Пагнаць каня нельга было. Ехалі памалу. Як прыехалі ў мястэчка ды параўняліся з гарадскім, там быў першы перапынак. Мала было вучням калідора — павыбягалі яны на вуліцу. Убачылі Савосту. Пасталі і пазіраюць: такія нягеглыя сані, такі стары чалавек… І разам вучань з іх школы — Савоста Заблоцкі, што ў яго бацькі цэлы хвальварак.

Любіў багатыр Заблоцкі ў лапці белыя, чыстыя анучы абуваць. І так ён любіў белую адзежу. У адной ісподняй, як зіма, як лета, хадзіў. Верхніх шарачковых штаноў у яго і на грунце не было. Страх як не любіў Юстап Заблоцкі крамнай адзежы. Але была раз набрала яму Прузына ў анучніка за старызну крамніны на штаны й на кашулю. Белага Юстапу набрала — іншага ён не любіў. А як пачала яму тыя строі шыць, дык выштукавала так, што яшчэ й сабе шнуроўка з астачы выйшла. Выдабіла Прузына, што рукаўцы й калошкі, як дудачкі павыходзілі. Раскалоў быў Юстап, тыя крамныя строі надзеўшы, палена дроў, дык ад першага дня й даліся па цэлым яны на ём. А тая самая Прузына, калі пашые што са свайго палатна, дык — прасторнае, з напускамі.

15